Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2024-2025 навучальным годзе ўключае 8 профільных алімпіяд па 7 вучэбных прадметах: «Біялогія», «Матэматыка», «Хімія», «Гісторыя Беларусі», «Англійская мова», «Руская мова. Руская літаратура» і «Беларуская мова. Беларуская літаратура». Больш за 100 абітурыентаў маюць права на паступленне ў Купалаўскую ВНУ без уступных іспытаў.
Адзначым, што алімпіяда па вучэбным прадмеце «Біялогія» праводзіцца для дзвюх розных груп спецыяльнасцяў: група 1 – «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Псіхалогія», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і група 2 – «Біялогія», «Экалогія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія».
Папярэдні этап шматпрофільнай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы праводзіўся праз Лічбавы кабінет абітурыента ў дыстанцыйнай форме на лічбавай платформе адукацыйнага партала ўніверсітэта. У Лічбавым кабінеце абітурыента ўдзельнікі рэгістраваліся на папярэдні этап, і адразу пасля яго заканчэння маглі даведацца час доступу да сваіх вынікаў. Маглі азнаёміцца са сваімі памылкамі пры выкананні заданняў папярэдняга этапа, інфармаваліся аб допуску да ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды, пацвярджалі ўдзел у заключным этапе і інфармаваліся аб набраных балах.
У заключным этапе 8 профільных алімпіяд, якія прайшлі 22 і 23 лютага, прынялі ўдзел 328 абітурыентаў, якія прыйшлі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, каб атрымаць магчымасць стаць часткай вялікай і дружнай Купалаўскай сям'і без уступных іспытаў.
Больш за ўсё ўдзельнікаў заключнага этапу было ў алімпіядах па матэматыцы – 97 чалавек, па англійскай мове – 87, па біялогіі: для спецыяльнасцей факультэта біялогіі і экалогіі – 36 удзельнікаў, для педагагічных спецыяльнасцей – 34 чалавекі.
У заключным этапе шматпрофільнай алімпіяды прынялі ўдзел абітурыенты з усіх абласцей Беларусі. Найбольшая колькасць удзельнікаў заключнага этапа з Гродна – 48,17%, Гродзенскай вобласці – 33,84%, з Брэсцкай вобласці – 8,23%, з Мінскай вобласці – 4,27%. З Гомельскай вобласці было 7 удзельнікаў, з Мінска – 5, з Магілёўскай і Віцебскай абласцей – па 2 удзельнікі, з Расіі – 2 удзельнікі.
Пераможцамі шматпрофільнай алімпіяды Купалаўскага ўніверсітэта ў 2025 годзе сталі 127 абітурыентаў: 24 заваявалі дыплом I ступені, 48 – дыплом II ступені і 55 – дыплом III ступені.
Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы змогуць паступіць на 25 з 53 спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы без уступных іспытаў.