Таварыская сустрэча па грэка-рымскай барацьбе адбудзецца ўпершыню і пройдзе 11 лістапада ў моладзевым цэнтры "Гродна". На дыван выйдуць зборная каманда «Горад Гродна - універсітэт» і нацыянальная зборная ЗША. Удзельнікі будуць спаборнічаць у васьмі вагавых катэгорыях. Як распавёў Заслужаны трэнер СССР і БССР, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту факультэта фізічнай культуры Вячаслаў Максімовіч, рашэнне правесці спаборніцтвы было прынята яшчэ ў жніўні гэтага года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі амерыканскай зборнай на чэмпіянаце свету ў Парыжы. Гродзенскія змагары, а, у прыватнасці, купалаўскія спартсмены, на думку калегаў з ЗША, з'яўляюцца моцнымі і годнымі супернікамі. У паядынках з барацьбітамі з-за акіяна будуць змагацца студэнты Гродзенскага ўніверсітэта - майстры спорту міжнароднага класа, прызёры чэмпіянатаў Еўропы і свету, чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх Аляксандр Грабовік, Радзік Куліеў, Саслан Даураў і іншыя. Галоўным суддзёй турніру прызначаны прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы і Беларусі, пераможца міжнародных турніраў па грэка-рымскай барацьбе, суддзя міжнароднай алімпійскай катэгорыі Валерый Цыленьць. Пачатак турніру ў 15.00. Яго арганізатарамі з'яўляюцца Гродзенская абласная федэрацыя барацьбы, кіраванне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Запрашаем усіх ахвотных падтрымаць каманду купалаўскага ўніверсітэта!